Print
Hits: 199

 

Заронаўскі сельсавет жыве на юбілейнай хвалі. З гэтай нагоды  ў в.Суйкава адбылося адкрыццё банэра “Гістарычны атлас Заронаўскага краю”. Ён усталяваны каля Суйкаўскай школы ў крокавай даступнасці для ўсіх цікаўных. На банэры паказаны ўсе гістарычныя цікавосткі нашага краю.  Брацкія пахаванні, азёры, зніклыя помнікі . Сярод іх заронаўская  царква св.Ануфрыя, якая двойчы прымала працэсію з мошчамі нашай беларускай святой Ефрасінні Полацкай.  Гэта было ў 1871 годзе, калі пераносілі “средній перст ея рукі”, і ў 1910 годзе пры  пераносе поўнасцю мошчаў святой Ефрасінні. Працэсія ішла з Лужасна  праз Пестуніцу.  Прыпынялася ў многіх мясцінах. І дарога была не тая, па якой мы сёння ездзім.  

1

2

 

На банэры пазначаны амаль усе населеныя пункты, якія зніклі. Між іншым, падаюцца некалькі назваў, як напрыклад, сёння пазначаны Палойнікі, а раней тут была Шлёпаўка, затым Матрасы. Можна прачытаць аб існаванні раней на нашай тэрыторыі Швейцарыі(каля в.Суйкава). Былі  і Замосце, і Заполле, і Навасёлкі, і Шаркі, назвы  якіх сёння можна знайсці на карце Віцебскага раёна ў іншых сельсаветах. Дзіўна будзе для многіх,  што ў нас быў свой паселак Леніна,  былі  Зязюлі, Шэйкі, Вакзал, Барадзіны(Барадзіно).

 3

Адкуль з’явілася ідэя такога атласа? Музей “Гісторыя Заронаўскага краю” мае багатую інфармацыю па  гісторыі краю, і яе трэба паказваць людзям, каб ведалі. У Віцебскім  раёне ствараецца краязнаўчы атлас, праца ідзе, збіраецца інфармацыя па сельсаветах.  Мы справіліся з заданнем і вырашылі сваю працу рэалізаваць у банэры. Выканаў тэхнічную працу Станіслаў Нікіцін, захавальнік музейных экспанатаў музея.  Прафінансавалі  выраб і ўстаноўку банэра  педкалектыў Суйкаўскай школы і  мясцовыя мецэнаты.

4

На адкрыцці гістарычнага атласа прысутнічалі калектыў школы, старэйшыны вёсак і дэпутаты Заронаўскага сельсавета, нераўнадушныя мясцовыя жыхары. Права адкрыць банэр было прадстаўлена  вучням школы, пераможцам краязнаўчых конкурсаў  Мікіце Шыбека і Дар’і Зімінай. Мікіта і Даша выступілі на абласных конкурсах з даследчымі працамі пра мясцовых людзей Любоў нікіфараву з в.Субачы і пра сям’ю майстроў Марозавых-Глінка з в.Бліны. Заронаўскія юныя краязнаўцы шмат распавядаюць і пад час экскурсій па музею пра жыццё, падзеі і людзей Заронаўскага краю.  Старшыня Заронаўскага сельсавета Зоя Пятроўна  Пека адзначыла ў сваім выступленні  многіх актывістаў і памочнікаў, што дапамагаюць у рэалізацыі праектаў сельсавета, уручыла  ім падзякі і сувеніры.  Сярод узнагароджаных Тамара Раздробенка, старэйшына в.Пракуды, Наталля Уласенка,  старэйшына в.Баршчоўка, Ванда Хахлова, старэйшына в.Суйкава.  і не забыліся пра былую старэйшыну вёскі Марыю Амосаву, якой сёлета споўнілася 90 год. Але яна па-ранейшаму займае актыўную пазіцыю і нераўнадушная да ўсіх падзей сваёй вёскі. Жыццёвая энэргія  жанчын радуе. Гэта актыўныя памочніцы старшыні. Да іх можна звярнуцца па любому пытанню і атрымаць  пасільную дапамогу.

5

Спадзяемся, што  наша ініцыятыва будзе станоўча ацэнена  жыхарамі сельсавета і абавязкова будзе працяг.

 

6

 

                                                                 Людміла Нікіціна, краязнаўца.